БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,
«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з-д сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц. т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.
У.Д.Таранаў.
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)